КНІГІ   АЎТАРА

Зізюк, М. М.

Янка, Шмурдзік, Бухматка і іншыя: казка / М. М. Зізюк. – Мінск: Галіяфы, 2015. – 140 с.

Галоўнага героя казкі хлопчыка Янку тата адвозіць у вёску да дзядулі. І зусім было б сумна Янку, калі б не знаёмства з дзедавым катом Шмурдзікам, з якім ён пасябраваў. Хлопчык даведаецца, як на наш стол прыходзіць хлеб, чаму малако ў каровы белае, як жывуць пчолы ды яшчэ шмат чаго цікавага. Разам з сябрам ён выратоўвае ябланьку, бабраня і дапамагае іншым звярам; сябры трапляюць на Кудыкіну гару, дзе адбываюцца новыя знаёмствы і новыя захапляльныя прыгоды. Разам з Янкам маленькі чытач не засумуе.

Для чытання дарослымі дзецям.

УРЫВАК З КНІГІ

Апоўдні дамоў прыйшлі дзядуля з бабуляй, а тата паехаў у горад. Янку дазволілі гуляць у двары. Што рабіць малому аднаму? Цацак было мала, ды і тыя яму ўжо даўно надакучылі.

Шмурдзік недзе знік, Бухматка схавалася разам з іншымі курамі пад кустамі парэчак. Сумна. Янка выглянуў на вуліцу. Там таксама нікога не было, акрамя трох хлопчыкаў, што мімаходзь прайшлі з вудамі. Малы зразумеў, што тыя пайшлі на рэчку. Вось бы і яму туды, але ж дзядуля забараніў выходзіць за веснічкі. Тут ён убачыў Шмурдзіка — той вылез з-за суседскага плота і няспешна ішоў дахаты.

— Добра, што ты з’явіўся, — узрадаваўся Янка, —давай збегаем на рэчку. Дзядуля пакуль заняты, бабуля ў агародзе, а мы з табою хутка справімся. Ты ведаеш, дзе рэчка?

— Канечне ведаю. Добра, пайшлі. А ты не баішся, што ты за гэта атрымаеш?

— Я разумею, што мне забараняюць ісці аднаму. Але мы хуценька, а лезці ў ваду я не буду. Да таго ж, са мною ты, сябар. Так?

— Так.

— Тады пабеглі.

І яны паімчаліся ў той бок, куды пайшлі хлопчыкі з вудамі. Праз колькі хвілін вёска скончылася, а за ёй паказаліся лазовыя кусты. Хутка мільганула і блакітная стужка рачулкі.

— Рэчка! Ура! — Янка спыніўся на беразе.

— Вось каб ты рыбы яшчэ злавіў, — аблізнуўся кот.

— Я папрашу дзядулю, і мы сходзім на рыбалку, —запэўніў хлопчык. — Давай пройдземся ўздоўж берага, паглядзім, што там далей.

Берагі вузкай рачулкі параслі кустоўем, і Янка са Шмурдзікам, крыху збочыўшы, пайшлі лугам.

Па траве скакалі зялёныя конікі, трашчалі цвыркуны, над кветкамі лёталі матылькі, гудзелі пчолы.

— Як тут прыгожа! — хлопчык спыніўся і прысеў каля нейкіх маленькіх жоўтых кветачак.

— Нічога асаблівага, у нас такое ўсюды. Пайшлі далей, — адказаў кот.

Хутка шлях ім перагарадзіла азярына з белымі і жоўтымі кветкамі на паверхні, берагі якой параслі алешнікам і лазняком. Янка заўважыў, што некаторыя дрэўцы знізу пагрызеныя, каля іх ляжала шчапа, а да вады цягнуліся пратаптаныя сцежкі. Цікава, хто ж гэта грыз дзеравіну? Раптам ён пачуў, як пад густым лазовым кустом нехта плача.

— Хто там? — здзівіўся малы.

— Не ведаю. Давай паглядзім, — адказаў кот.

Яны асцярожна падышлі да куста, адхінулі зялёныя дубцы. Забіўшыся ў самы гушчар, там сядзеў і румзаў нейкі невялічкі звярок з цёмна-карычневай поўсцю і шырокім, як вясло, хвастом. Угледзеўшы незнаёмцаў, ён спалохана здрыгануўся і паспрабаваў яшчэ больш зашыцца ў куст.

— Не бойся, мы цябе не пакрыўдзім, — Янка прысеў каля звярка. — Ты хто?

— Я бабраня Ласунчык.

— Я — Янка, а гэта кот Шмурдзік. Чаго ты плачаш?…

Зізюк, М. М.

 Энерджы і дзеці з 5 «А»: казачная аповесць: для дзяцей мал. і сярэд. школьнага ўзросту / М. М. Зізюк; маст. В. В. Архіпенка. –  Мінск : Пачатковая школа, 2017. – 68с.: іл.

Паша Каморнік, неслух і гарэза, ніколі не думаў, што ў яго звычайнай гімназіі можа здарыцца штосьці неверагоднае. Але ж ён памыляўся! Злы чараўнік Марнатраўца вырашыў захапіць Пашаву гімназію. І не толькі яе…

На шчасце, Паша і яго аднакласнікі змагаюцца не адны. Іх саюзнік – чароўны хлопчвк Энерджы. З яго дапамогай дзеці не толькі атрымаюць шанс на перамогу, але і навучацца па-сапраўднаму любіць і берагчы нашу Зямлю.

 

 

 

 

 

УРЫВАК З КНІГІ

Гэтая неверагодная гісторыя адбылася ў самым звычайным горадзе, у самай звычайнай гімназіі і з самымі звычайнымі дзецьмі. Вы можаце запярэчыць: якія неверагодныя гісторыі могуць здарыцца ў наш час? Могуць, ды яшчэ як! Трэба толькі верыць і быць гатовымі да таго, што некалі і з вамі здарыцца штосьці вельмі незвычайнае.

Дык з чаго ж пачалася гэтая гісторыя?..

У той дзень у гарадской гімназіі №2 у 5 “А” класе ішоў урок роднай літаратуры. Паша Каморнік, неслух і гарэза, які да вучобы ніколі асабліва не імкнуўся, хоць і мог бы добра вучыцца, абыякава пазіраў на школьную дошку. Ну што ты паробіш – сумна Пашу на ўроках, марыць ён аб прыгодах, падарожжах! Любімая яго кніга – “Дваццаць тысяч лье пад вадой” Жуля Верна. А якія тут, у школе, падарожжы? Вось і не ведаў Паша, куды падзець сваю нястрымную энергію. Зараз ён вырашыў дацягнуцца да выдатніцы Яны Вітушкі, каб тузануць яе за касу і як след раззлаваць. Вырабляў такія штукі са сваімі аднакласніца Каморнік ужо не адзін раз, а сёння – асаблівы выпадак: трэба адпомсціць Яне. Справа ў тым, што на пачатку шрока Паша кінуў у яе туга скамечанай паперкай, а аднакласніца ў адказ паказала яму язык. Гэтага Каморнік дараваць не мог!

У адрозненне ад Пашы Яна была гонарам класа, выдатна вучылася і првкладна сябе паводзіла. Вось і цяпер яна з самым уважлівым выразам твару слухала Аляксандру Вітальеўну. Але ж дацягнуцца да Яны Пашу замінала шврокая спіна Віцькі Антохіна па мянушцы Бульбянік (дражнілі Віцю з-за паўнаты, няспешнасці ды яшчэ з-за таго, што ён надта любіў піражкі з бульбаю). Паша пхнуў Бульбяніка ў спіну, каб той трохі пасунуўся. Віця шумна засоп, павярнуўся і пакрыўджана прашаптаў:

-Чаго пхаеш?

-Пасунься, мне трэба Янку зачапіць, а ты замінаеш. Зразумеў?

-Чаму ж не?..

-Антохін, Каморнік! Досыць круціцца, інакш абодвух на калідор выпраўлю! – пачулі хлопцы строгі голас настаўніцы.

Віця адвярнуўся, Паша незадаволена ўгнуў галаву. Трэба патрываць – у Аляксандры Вітальеўны з дысцыплінаю строга, дзеці слухаліся яе больш, чым іншых настаўнікаў. Нічога, на перапынку ён дакладна паспрабуе дамагчыся свайго.

 Калі залівіста зазвінеў школьны званок і амаль увесь клас дружна кінуўся ў калідор, Каморнік не спяшаўся. Ён выглянуў з-за дзвярэй, адшукаў позіркам Яну, непрыкметна дагнаў і як мага мацней тузануў яе за касу. Відаць, на гэты раз ён перастараўся – Яна страшэнна раззлавалася. Спачатку дзяўчынка гучна войкнула ад болю і сполаху, потым павярнулася і закрычала:

-Ну ўсё, гэта ўжо занадта, Каморнік! Цяпер трымайся!

І з растапыранымі рукамі кінулася на Пашу, чаго раней ніколі не рабіла. Але не ў правілах Паўла было біцца з дзяўчынкамі, дый зняславіш сябе не тое што ў класе – ва ўсёй гімназіі. Хлопчык пусціўся на ўцёкі. Перш паварот, другі, лесвіца, пасля дзверы ў падвал, дзе свавольнік і меркаваў схавацца, ды якое там… Дзяўчынка паспела заўважыць яго і не раздумваючы кінулася на крыўдзіцеля. У той самы момант здарылася непрадбачанае: абое раптам праваліліся праз зачыненыя дзверы, як быццам іх і не было, ды пападалі на цэментаваную падлогу. Дзяцей укрыў змрок…

Зізюк, М.

Таямніца гары Міндоўга: аповесць: для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту / Міхась Зізюк. – Мінск: Галіяфы, 2019. – 144с.: іл.

Ігнат, Стась, Мікіта і Юля — неразлучныя сябры. Разам з настаўнікам яны выпраўляюцца ў цікавае падарожжа, спазнаюць знакамітыя мясціны навагрудскай зямлі, спрабуюць разгадаць сакрэт гары Міндоўга. Куды прывядуць пошукі верных сяброў, пра што яны даведаюцца, дзе змогуць пабываць — аб усім гэтым, і не толькі, распавядаецца на старонках кнігі.

УРЫВАК З КНІГІ

Мы падняліся на гару, выйшлі на адкрытае месца.

Давай, паказвай, адкуль пачынаць будзем, – сказаў Мікіта, выцягваючы з вялікага шэрага пакета прыладу. Я першы раз бачыў металашукальнік. Да доўгай палкі з прыстасаваннем для запясця првмацавана нешта падобнае да вялікай талеркі. На палцы таксама прысутнічае невялікі прыбор. Мікіта падняў прыбор, замацаваў яго на плячы, шчоўкнуў уключальнікам:

  • Я гатовы.

Стась у задуменні пачухаў галаву:

  • І сапраўды, тут жа плошча немаленькая. Ігнат, што скажаш?
  • А давайце адсюль, – я тыцнуў перад сабою, – час ёсць, будзем спрабаваць.

Мікіта гмыкнуў, павёў “талеркаю” ўправа-ўлева. Прыбор запішчаў на розныя галасы.

  • Так, трэба настройку паглядзець, – разгублена прамармытаўшы, Мікіта ўзяўся нешта круціць на прыборы.

Мы цярпліва чакалі. Праз нейкі час ён зноў узняўся, пачаў вадзіць “талеркаю” па траве. Мы ппайшлі следам. У адным месцы прыбор манатонна запішчаў.

  • Нешта ёсць. – сказаў Мікіта. – Трэба капаць.

………..

Вунь каля тых камянёў паглядзім. Калі нічога не будзе, то далей і не будзем працягваць.

Мікіта не стаў пярэчыць. З зямлі тырчаў невялікі абчасаны камень – хутчэй за ўсё, некалі тут было пахаванне. У тым месцы прыбор спрацаваў. Я акуратна абкапаў зямлю, выцягнуў яе і паклаў на плёнку. Металашукальнік паказаў, што знаходка засталася ў зямлі. Я капнуў глыбей. Рыдлёўка ўваткнулася ў нешта цвёрдае – стук быў глухі. Я раскапаў глыбей. Паказалася нейкая накрыўка. Усе пераглянуліся. Я запрацаваў хутчэй. Праз нейкі час мы выцягнулі на паверхню невялікую пляскатую металічную шкатулку памерамі з тры-чатыры далоні, загорнутую ў грубую прамасленую тканіну, якая амаль разлезлася. Я адчуў, як запульсавала кроў у скронях. Няўжо знайшлі?