Міхась Міхайлавіч Зізюк нарадзіўся ў 1967 г. у вёсцы Лучыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Лучыцкую сярэднюю школу і Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Служыў на Далёкім Усходзе. У 1993 годзе вярнуўся на Беларусь. Працаваў у аддзеле ўнутраных спраў, скончыў Акадэмію МУС РБ і атрымаў кваліфікацыю юрыста. Першае апавяданне — «Цяпло яе сэрца» (2005), змешчана ў газеце «Звязда». Аўтар кніг прозы: «Пропавшая свадьба» (2007), «Зелянее рунь» (2011), «Храм его души» (2011), «Оракулы Междуречья» (2013), «Планктон» (2017).

Друкаваўся ў газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Новы час», часопісах «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў». Лаўрэат конкурсу апавяданняў газеты «Звязда» ў 2008 і 2011 гадах. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2013 года. Міхась Міхайлавіч — аўтар некалькіх кніг для дарослых і трох кніг для дзяцей. Піша пераважна на беларускай мове.

Хто лепш за ўсё арыентуецца ў свеце дзіцячых мар і фантазій? Напэўна, той, хто яго стварае і прапануе чытачу, — лічыць аўтар. Міхась Зізюк аўтар кніг для дзяцей «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя» (2015), «Энерджы і дзеці з 5″А» (2017).

У 2015 годзе годзе маладое крэатыўнае выдавецтва «Галіяфы» выдала забаўную і пазнавальную кнігу для дзетак малодшага ўзросту «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя».

У выдавецтве «Пачатковая школа» у 2017 годзе выйшла кніга пісьменніка «Энерджы і дзеці з 5 «А».

Гэта казачная аповесць для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, у якой гаворыцца пра тое, што патрэбна любіць і берагчы нашу планету — Зямлю. Кніга пабачыла свет дзякуючы праекту «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» і будзе прэзентавацца па ўсёй рэспубліцы, але больш у Гродзенскай вобласці. Праект з’явіўся пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, арганізацыйнай і фінансавай дзейнасці Навагрудскага райвыканкама.

Любіце кнігу, чытайце кнігу! Кожная кніга — гэта свой непаўторны свет, свой непаўторны пах прыгод і асаблівая атмасфера. Кніга дапаможа вам у жыцці, дапаможа стаць сапраўдным чалавекам з вялікай літары,» — з такім цудоўным пажаданнем звяртаецца Міхась Міхайлавіч Зізюк да сваіх маленькіх чытачоў.