Міхась Міхайлавіч Зізюк

Міхась Міхайлавіч Зізюк нарадзіўся ў 1967 г. у вёсцы Лучыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Лучыцкую сярэднюю школу і Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Служыў на Далёкім Усходзе. У 1993 годзе вярнуўся на Беларусь. Працаваў у аддзеле ўнутраных спраў, скончыў Акадэмію МУС РБ і атрымаў кваліфікацыю юрыста. Першае апавяданне – “Цяпло яе сэрца” (2005), змешчана ў газеце “Звязда”. Аўтар кніг прозы: “Пропавшая свадьба” (2007), “Зелянее рунь” (2011), “Храм его души” (2011), “Оракулы Междуречья” (2013), “Планктон” (2017).

Друкаваўся ў газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Новы час”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Дзеяслоў”. Лаўрэат конкурсу апавяданняў газеты “Звязда” ў 2008 і 2011 гадах. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2013 года. Міхась Міхайлавіч – аўтар некалькіх кніг для дарослых і трох кніг для дзяцей. Піша пераважна на беларускай мове.

Хто лепш за ўсё арыентуецца ў свеце дзіцячых мар і фантазій? Напэўна, той, хто яго стварае і прапануе чытачу, – лічыць аўтар. Міхась Зізюк аўтар кніг для дзяцей “Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя” (2015), “Энерджы і дзеці з 5″А” (2017).

У 2015 годзе годзе маладое крэатыўнае выдавецтва “Галіяфы” выдала забаўную і пазнавальную кнігу для дзетак малодшага ўзросту “Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя”.

У выдавецтве “Пачатковая школа” у 2017 годзе выйшла кніга пісьменніка “Энерджы і дзеці з 5 “А”.

Гэта казачная аповесць для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, у якой гаворыцца пра тое, што патрэбна любіць і берагчы нашу планету – Зямлю. Кніга пабачыла свет дзякуючы праекту “Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі” і будзе прэзентавацца па ўсёй рэспубліцы, але больш у Гродзенскай вобласці. Праект з’явіўся пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, арганізацыйнай і фінансавай дзейнасці Навагрудскага райвыканкама.

Любіце кнігу, чытайце кнігу! Кожная кніга – гэта свой непаўторны свет, свой непаўторны пах прыгод і асаблівая атмасфера. Кніга дапаможа вам у жыцці, дапаможа стаць сапраўдным чалавекам з вялікай літары,” – з такім цудоўным пажаданнем звяртаецца Міхась Міхайлавіч Зізюк да сваіх маленькіх чытачоў.