Бібліязмярканне для сапраўдных краязнаўцаў

/ 16 апреля, 2019

19 красавіка з 16:00 да 19:00  у Навагрудскай раённай бібліятэцы адбудзецца незвычайнае і па-сапраўднаму феерычнае мерапрыемства – бібліязмярканне.

У аснову яго пакладзена квэст-гульня “Па старонках гісторыі Навагрудка”. Яна прымеркавана да 975-годдзя нашага любімага горада.

Запрашаем тых, хто мае глыбокія веды па гісторыі роднага краю, а таксама  тых, у каго пакуль што ёсць толькі шчыры намер стаць сапраўдным краязнаўцам. Карацей, усіх патрыётаў Навагрудчыны.

Калі вы смелы і няўрымслівы чалавек, бібліязмярканне для вас. Тут трэба будзе выканаць сур’ёзныя заданні, адказаць на складаныя пытанні, а яшчэ разгадаць выкручастыя шарады і галаваломкі. Калі вы адчуваеце недахоп ведаў па гісторыі горада – гэта зусім не перашкода. У бібліятэцы няма нічога немагчымага. Бібліятэчнае змярканне схавае вас ад старонніх вачэй, і вы зможаце знайсці адказы на цяжкія пытанні ў кніжках, часопісах, каталогах, у тым ліку электронным. Нарэшце, не выключана магчымасць проста спытаць у бібліятэкара-усяведа. Галоўнае, дайсці да мэты квэст-гульні.

У праграме таксама  настольныя гульні (“Нефармальныя славутасці”, «Гід па творчасці Адама Міцкевіча» і “Навагрудак ваяводскі”), канструктарскае бюро “Пабудуй свой горад”, слайд-прэзентацыі (“Мода Навагрудка 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя”, “Навагрудак каталіцкі”) і яшчэ шмат чаго цікавага.

Напрыканцы ўсіх чакаюць салодкія пачастункі.

Чакаем вас па адрасе: вул  1 Мая, д.1, тэлефон для даведак 2-05-05.

Падзяліцца спасылкай:

Поделиться этой записью