СУСВЕТ РАІСЫ БАРАВІКОВАЙ

/ 11 мая, 2022

11 мая 75 гадоў з дня нараджэння пісьменніцы

Баравікова Раіса Андрэеўна — паэтэса, перакладчыца, аўтар казак. Адна з яркіх прадстаўніц сучаснай беларускай паэзіі. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1977 года.

Нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачага. Скончыўшы ў 1965 годзе сярэднюю школу, працавала ў Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». У той час Раіса марыла прысвяціць сябе журналісцкай справе. Сустрэча з паэтам Аляксеем Пысіным змянілі яе планы. Ён пераканаў паэтэсу паступіць у Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Пасля заканчэння вучобы была накіравана на пасаду рэдактара кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). Працавала ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет, часопісах «Алеся», «Маладосць».

У друку Раіса Баравікова выступае з 1960 года.

Раіса Баравікова ўсё жыццё пісала вершы. Яе кніга паэзіі «Люстэрка для самотнай» (1992), у якую ўвайшла гістарычная драма «Барбара Радзівіл», у свой час была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы. Калі ж у 1989 годзе ладзіўся закрыты конкурс выдавецтва «Юнацтва», журы звярнула ўвагу на фантастычную аповесць Раісы Баравіковай «Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў». Твор пра тое, як жыхары Планеты Цікаўных Хлопчыкаў адкрываюць новую планету Блакітную Зорку, дзе жыве дзяўчынка Галенка, якая распавядае казкі пра самыя цудоўныя чалавечыя якасці…

— У тыя гады было мала дзіцячых кніг з аўтарскімі казкамі, — узгадвае Раіса Андрэеўна. — Пераважалі фальклорныя казкі і паданні. А ў мяне падрастала дачка, і даводзілася прыдумляць казачныя сюжэты, што называецца, ёй на сон. Тады і з’явілася мая першая дзіцячая кніга тыражом 80 000 экзэмпляраў.

Пісьменніца сцвярджае: касмічную тэму абрала для таго, каб даць волю фантазіі. Для Раісы Баравіковай космас — вялікая таямніца, таму ў творах пісьменніцы касмічная прастора вельмі прыцягальная і загадкавая. Гэта больш поўна раскрываецца ў яе яшчэ адной «касмічнай» кнізе — «Казкі астранаўта» (касмічныя падарожжы беларусаў). Кніга адразу была ўключана ў пазакласнае чытанне школьнай праграмы для шостых класаў. Ёю захапляюцца падлеткі, дораць пісьменніцы свае малюнкі па яе казках. Акрамя «Галенчыных “Я”» і «Казак астранаўта», на касмічную тэму напісаная кніга «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў». Дзве аповесці з’явіліся ў 1996 годзе, трэцяя — у 2009 годзе. Нельга не ўзгадаць і «Казкі з гербарыя» Раісы Баравіковай, дзе герой — разумны, шпаркі і неверагодна мілы залаты сабачка таксама з космасу — з планеты Карнашыя, якая знаходзіцца ў сузор’і Гончых Псоў.

Паважаныя чытачы дзіцячага аддзела!

Хутчэй разгарнiце адну з прапанаваных кніг i выпраўляйцеся ў поўнае прыгод падарожжа па Краiне Дзяцiнства.

Баравікова, Р. А. Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў / Р. А. Баравікова. – Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2010. – 142 с.

Галоўны герой – Мамурык з далёкай планеты Мамурыі атрымаў у творы Раісы Баравіковай назву «міжпланетны Пажарнік», выконвае ў космасе вельмі сур’ёзную і адказную работу па забеспячэнню бяспекі ў касмічнай прасторы.

Прыгодам мамурыка прысвечана тры асобных аповесці. Падзеі, апісаныя ў гэтай кнізе, разгортваюцца не толькі на Мамурыі. У казачных аповесцях шмат прыгодаў мамурыкаў у добра знаемых мясцінах Зямлі.

У сюжэтах гісторый пра міжпланетнага Пажарніка знайшлося адмысловае мастацкае ўвасабленне правіл этыкету, асноўных патрабаванняў да культуры паводзін.

Баравікова, Р. А. Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў / Р. А. Баравікова. – Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2011. – 176 с.

Прыгодніцкія казкі Раісы Баравіковай напісаны ад імя астранаўта-беларуса. Дзівосны, заманлівы і таемны свет далёкіх планет захапляе неверагоднымі прыгодамі герояў кнігі, цікавымі звесткамі пра асобныя зоркі і нават цэлыя сузор’і. Пісьменніца ўдала спалучае поўны нечаканасцей свет чужых планет з блізкім і родным светам нашай планеты, дзе самыя прыгожыя і добрыя пачуцці звернуты да Беларусі.

Баравікова, Р. А. Казкі з гербарыя / Р. А. Баравікова. – Мн.: Литература и Искусство, 2008. – 144 с.

Кніга расказвае пра займальныя прыгоды фантастычна-казачнага героя Мупсякарнашжабулвака, які сам сабе называе вельмі коратка – Мупся.

Ён – небачны чалавечаму воку, і яго можна ўявіць кім заўгодна, нават чараўніком, таму што Мупся здатны на неверагодныя ўчынкі, але галоўнае не гэта. Мупся ўмее расказваць казкі, якія ён сам называе казкамі з гербарыя. У іх праз захапляльныя казачныя сюжэты раскрываецца дзівосны свет акаляючага нас асяроддзя, тая раслінная разнастайнасць, што робіць нашу Зямлю незвычайна прывабнай і непаўторнай у сваім харастве.

Баравікова Р. Галенчыны «Я», Планета Цікаўных Хлопчыкаў – Мн.; Юнацтва, 1990 – 134с.

У фантастычнай аповесці расказваецца аб тым, як у неабсяжным і загадкавым Космасе жыхары планеты Цікаўных Хлопчыкаў нечакана адкрываюць новую планету Блакітная Зорка, на якой жыве дзяўчынка Галенка. Яна расказвае хлопчыкам гісторыі і казкі пра самыя цудоўныя чалавечыя якасці.

Баравікова Р. Матылёчкі-матылькі:чытанка-маляванка / Раіса Баравікова – Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2014. – 15с. – (Серыя “Бібліятэка часопіса “Вясёлка”)

Кожны з нас з самага маленства знаёмы з матылькамі. Яны асабліва падабаюцца дзецям. Лёгкія, яркія і незвычайныя, гэтыя істоты заўсёды прывабліваюць і захапляюць дзетак. Матылькоў можна сустрэць паўсюдна: ля вады, на лузе, у лесе, у парку і нават ля дому. Але звычайна мала хто ведае, як яны называюцца.Выдатная чытанка-маляванка з запамінальнымi вершамі беларускай пiсьменнiцы Раісы Баравіковай дапаможа дзецям запомніць гэтых цудоўных істот, навучыць беражліва да іх ставіцца, пашырыць кругагляд, разаўе густ, фантазію і маторыку рук.

Баравікова Р. Рамонкавы бераг. Слухаю сэрца / Раіса Баравікова. – Мн.: Мастацкая літаратура,2013. – 310с.

У зборнік вядомай пісьменнiцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Імя Янкі Купалы Раісы Баравіковай yвайшлі вершы з кнігі Рамонкавы Бераг, Слухаю сэрца.Выданне з cepыі Школьная бібліятэка будзе цікавае як для вучняў, так і для шырокага кола чытачоў.

Баравікова Раіса. Ты не слухай, Мішку, коцік! / Раіса Баравікова.— Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 20 с. : ілюстрацыі.

Чарговая кніга з серыі «Нашым дзеткам» цудоўны падарункам як малым, так і іх бацькам, паколькі адпавядае крытэрам добрага выдання для самай складанай, па сутнасці, групы чытачоў. Лаканічныя, запамінальныя тэксты. Гэтае выданне — пераможца 53-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцем».

Падзяліцца спасылкай:

Поделиться этой записью