#Кнігізфонду: “Расці, Ганька”

/ 11 сентября, 2023

Паважаныя сябры!

 Мы раім вам прачытаць класіку беларускай дзіцячай літаратуры, напісанай пісьменніцай Аленай Васілевіч. Алена Васілевіч – аўтар празаічных твораў для дарослых і дзяцей.

Тэтралогія “Пачакай, затрымайся…”, якую склалі аповесці “Расці, Ганька” (1966), “Доля знойдзе цябе”(1968), “Новы свет” (1970), “Пачакай, затрымайся…” (1970) напісана на аўтабіяграфічным матэрыяле.

   Побач з дзяўчынкай у яркай хустачцы… Гэтую знакамітую аповесць “Расці, Ганька” Алены Васілевіч у 2021 годзе перавыдала “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Кніга, якую дапоўнілі апавяданні розных гадоў, пабачыла свет у серыіі “Кніжная паліца школьніка” і адрасуецца дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Гісторыя пра дзяўчынку Ганьку з маленькай беларускай вёсачкі першай паловы дваццатага стагоддзя – чым яна кранае душы сучаснага чытача?

У ёй распавядаецца пра дзяўчынку з маленькай беларускай вёсачкі, якая жыве з маці, без бацькі, церпіць голад і нягоды. Калі з-за хваробы памірае яе мама, то Ганька застаецца адна. Шмат выпрабаванняў выпадае на долю дзяўчынкі, але з-за гэтага кніга не становіцца не сумнай, ні цяжкай, паколькі ў ёй распавядаецца аб цудоўных людзях, прыгажосці прыроды, здольнасці заставацца чалавекам у няпростых абставінах, аб адкрыцці таямніц свету.

Кніга напоўнена святлом, цеплынёй і дабрынёй – ці не гэтага прагне кожны чалавек!? Нездарма аповесць мае падзагаловак “Падарожжа ў адну чароўную краіну”.

Кніга Алены Васілевіч “Расці, Ганька” не сумуе на кніжных паліцах, а бесперапынна саграваецца цяплом чытацкіх рук. Унікальнасць выдання – суправаджэнне ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Калі аповесць рыхтавалі да першага выдання 57 гадоў таму, мастак быў студэнтам і стаў першым яе ілюстратарам. Цудоўныя графічныя малюнкі Васіля Шаранговіча дададуць асалоды чытанню, а звесткі пра пісьменніцу Алену Васілевіч пашыраць кругагляд і дапамогуць падрыхтавацца да заняткаў і дзецям, і з дзецьмі.

Прачытаўшы  кнігу, вы займееце компас, стрэлкі якога заўжды ўказваюць на сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці: дабрыню, сяброўства, адказнасць, дапамогу, спагаду. Хто не марыць мець такога сябра і дарадчыка?

Васілевіч, А. С. Расці, Ганька : аповесць, апавяданні / Алена Васілевіч ; [мастак В. Шаранговіч]. —  ­Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2021. —  198, [1] с. — (Кніжная паліца школьніка).

ПРЫЕМНАГА ЧЫТАННЯ!

Падзяліцца спасылкай:

Поделиться этой записью