ВАЙНА Ў ДЗІЦЯЧЫХ СЭРЦАХ
Дзеці і вайна… Два словы, якія ні ў якім выпадку не павінны стаяць побач.
Дзеці вайны, маленькія героі і сведкі жахлівых падзей – гэта яскравы прыклад мужнасці, смеласці, гераізму для сённяшняга падрастаючага пакалення.
Паважаныя чытачы!
Прадстаўляем вашай увазе кнігі розных аўтараў, прысвечаныя цяжкаму жыццю дзяцей у суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны.
Зборнік “Ніколі не забудзем”. Кнігу, якая неаднаразова выдавалася, напісалі самі дзеці. Юныя аўтары расказваюць пра суровы час Вялікай Айчыннай вайны, пра гітлераўскую акупацыю, зверствы фашыстаў, гераізм савецкіх людзей.
У кнізе Н. П. Пісарэнка “Украдзенае дзяцінства” сабраны расказы тых, каго прынята называць дзецьмі вайны. Большасць з іх не ваявала. Але яны здзейснілі другі подзвіг – подзвіг мужнасці і духа, выжыўшы і застаўшыся людзьмі пасля нечалавечых выпрабаванняў.
Адрасуецца чытачам сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
У кнізе Міхаіла Шыманскага “Я зноў перажыў вайну” змешчаны ўспаміны вядомага беларускага публіцыста, пісьменніка і журналіста Міхаіла Шыманскага пра дзяцінства і цяжкія выпрабаванні яго сям’і і іншых вяскоўцаў у час Вялікай Айчыннай вайны.
Выданне адрасавана найперш школьнікам, моладзі, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
Кніга Таццяны Дашкевіч “Дзецям аб дзецях вайны” расказвае аб жыцці дзяцей у час вайны праз іх асабістыя словы. Кніга перадае рэальныя гісторыі аб цяжкасцях, якія выпалі на іх долю, аб тым, як ім прыходзілася шукаць ежу, абараняць адзін аднаго і нават выконваць разведвальныя місіі. Гэта выдатны варыянт для тых, хто шукае праваслаўную літаратуру для дзяцей, жадае пазнаёміць іх з асновамі праваслаўя для таго, каб дзеці разумелі важнасць веры ў жыцці.
“Дзецям аб дзецях вайны” – гэта не проста кніга, а займальнае падарожжа ў свет веры і дабрыні.
Ілюстраванае выданне “Маленькія салдаты вялікай вайны” прысвечана памяці юных абаронцаў Радзімы, якія ў дзіцячыя гады перанеслі ўсе цяжбы Вялікай Айчыннай вайны і па меры сваіх сіл унеслі значны ўклад у агульную справу – Перемогу над ворагам. Матэрыял сабраны пошукавымі групамі школьнікаў у рамках акцыі “Мы шукаем на зямлі равеснікаў сляды” і з’яўляецца прыкладам праяўлення актыўнай грамадзянскай пазіцыі, глыбокай павагі да гістарычнай спадчыны беларускага народа.
Аповесць “Дзяўчынка з горада” Л. Ф. Варанкова напісала ў суровым 1943 годзе. Але гэта гісторыя не пра вайну, а пра тое, як вясковая жанчына, маці траіх дзяцей, узяла ў дом маленькую бежанку Валю, у якой у горадзе загінула ўся сям’я. Дзяўчынка Валянцінка трапляе з горада ў вёску і ёй трэба прывыкаць да вясковага жыцця. Валянцінка пазнае, што такое праца. Вясковыя дзеці ўсе радасці жыцця здабываюць працай. Хочаш цацку? — сшый яе або выляпі з гліны. Хочаш есці? — згатуй ці разагрэй. Холадна? — печку растапі. І калі б не было клопатаў, невядома яшчэ, як Валянцінка перажыла б сваё мінулае- падарваны дом і гібель маці.
Аповесць “Сын палка” В. П. Катаеў напісаў у 1944 годзе, калі яшчэ не адгрымела бура Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе распавядаецца пра вясковага хлопчыка Ваню Сонцава, які страціў у пачатку вайны ўсіх блізкіх і родную хату. Сірату падабралі салдаты артылерыйскага палка, але дванаццацігадовы Ваня адмовіўся ехаць у тыл, стаў разведчыкам і знайшоў у палкавой батарэі новую сям’ю. Гэта горкая, кранальная і праўдзівая гісторыя аб адважным маленькім салдаце, які разам з бывалымі артылерыстамі абараняе Радзіму ад фашысцкіх захопнікаў, нароўні з усімі пераадольваючы небяспекі і нягоды баявых будняў. Аповесць “Сын палка” да гэтага часу застаецца адной з самых яркіх і любімых чытачамі кніг пра вайну.
Багамолаў В. О. «Іван». Трагічная аповесць аб адважным хлопчыку Іване. Ужо ў першыя дні вайны лёс жорстка распарадзіўся з Іванам: бацька забіты на мяжы, сястра загінула ў яго на вачах. І герой прыняў рашэнне — помсціць ворагу, стаць карысным нашай арміі.
Іван падоўгу жыве на акупаванай немцамі тэрыторыі, ходзіць па вёсках, мястэчках і збірае для штаба звесткі аб сіле ворага і яго ўзбраенні. Ён усё бачыць, усё запамінае. І інфармацыя, якую ён здабывае, вельмі каштоўная.
Мы спадзяёмся, што нам удалося зацікавіць вас кнігамі пра вайну і вам захочацца прачытаць кнігі пра лёсы дзяцей у гады вайны.
Прадстаўленыя ў аглядзе кнігі, вы можаце ўзяць у дзіцяча-юнацкім сектары Навагрудскай раённай бібліятэкі.