Навінкі з кніжнага кошыка
Дарагія нашы юныя чытачы, спяшаемся вас парадаваць добрай навіной! У дзіцяча-юнацкі сектар Навагрудскай районнай бібліятэкі паступілі новыя кнігі выдавецкага дома «Звязда». Прапануем усім аматарам беларускай літаратуры пазнаёміцца з творамі сучасных майстроў беларускага слова.
М. Пазднякоў “Мая цудоўная радзіма”
Новую кнігу вядомага пісьменніка Міхася Пазднякова склалі вершы пра Радзіму, сям’ю, сяброўства, вучобу, мары, прыроду і многае іншае. У кнігі яркая вокладка — летняя, маляўнічая. Усё гэта — у шасці раздзелах. Пачатак кожнага з іх суправаджаецца ілюстрацыяй. І гэта якраз тое, што цікава дзецям. Кніга, дарэчы, прызначана для малодшых школьнікаў.
Першы раздзел пад назвай «Радзіма наша — Беларусь» пачынаецца з аднайменнага верша «Беларусь». Асаблівая ўвага ў вершах на тэму Радзімы надаецца непаўторнасці роднага краю, яго прывабнасці і адметнасці. Гэта ўвасабляецца і ў малюнку, падабраным да раздзела, на якім прадстаўлены золатавалосыя хлопчык з дзяўчынкай, каласы, трактар і ластаўкі — цёплыя тоны карцінкі перадаюць асаблівы настрой.
З асаблівай цікавасцю чытаюцца вершы пра прафесіі. Настаўнікі, будаўнікі, пчаляры, пагранічнікі, кветкаводы — усе прафесіі важныя і патрэбныя. Простай мовай дзеткам пра гэта расказваецца ў кнізе. Пасля можна паразважаць з дзіцем: «А якой прафесіяй ты хацеў бы авалодаць?» Творы з раздзела «Працу кожную шануй» з’яўляюцца напамінам, што беларусы — працавітая нацыя.
Хадасевіч-Лісавая К.С. Лета на зачараванным балоце: раман-казка.
Раман-казка «Лета на Зачараваным балоце» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой знаёміць юнага чытача з міфічнымі істотамі палескага балота — цмокам Дарункам, ведзьмай Кларынай, кікімарай Кікі і іншымі. Галоўныя героі Андрэй і Юля — звычайныя падлеткі, якія прыехалі з Мінска на Палессе, каб наведаць бабулю і дзядулю, якіх доўга не бачылі. Менавіта так думалі іх бацькі, калі пачулі ад дзяцей, што тыя не хочуць на мора, а паедуць на усе летнія канікулы ў вёску. Аднак у падлеткаў была свая матывацыя —на тры месяцы акунуцца ў атмасферу палескай глушы. Яны імкнуцца на Зачараванае балота, якое мае дзівосную таямніцу. Яго гаспадар Багнік раней быў звычайным вясковым жыхаром, аднак жыццё ў чалавечым свеце не склалася і ён назаўжды сышоў у балотныя нетры. Тут Багнік нарэшце знайшоў сваё шчасце, ажаніўся з кікімарай Кікі, а іх дзеці Балоця і Кіма пасябравалі з Юляй і Андрэем, з чаго і пачаліся неверагодныя падзеі, якія на доўгі час аб’ядналі балотных жыхароў і людзей.
Раман насычаны сюжэтнымі лініямі і асабістай драмай герояў. На фоне містычных падзей і балотных краявідаў разгортваюцца гісторыі сапраўднага кахання, моцнага сяброўства і шчырай самаахвярнасці. Пісьменніца аб’ядноўвае два сусветы, якія не павінны сутыкацца. З-за гэтага галоўным героям давядзецца прайсці праз шэраг выпрабаванняў, дзе рашэнні трэба прымаць і розумам, і сэрцам.
Вельмі эмацыянальны сюжэт можа прымусіць заплакаць нават самых стойкіх. Адкрыты фінал з інтрыгай дае падставу для разважанняў і здагадак, таму кожны чытач можа прыдумаць свой працяг таямнічай гісторыі.
Ауласенка Генадзь Як валошкі назву гораду далі
Новая кніга Генадзя Аўласенкі змяшчае тапанімічныя казкі. У іх аўтар адказвае на пытанне, з чым можа быць звязана паходжанне назвы таго ці іншага населенага пункта Мінскай вобласці. Шчыра спадзяваемся, што нашы юныя чытачы, якія пазнаёмяцца з незвычайнымі апавяданнямі пра таямніцы тапонімаў, усур’ёз закікавяцца гісторыяй роднага краю.
Павел Гушинец Сказки для Веснушки Тайна черной статуи
Новая кніга з серыі Казкі для Вяснушкі Паўла Гушынца з першых старонак прымусіць юных чытачоў «адключыцца» ад рэальнасці і пагрузіцца ў свет фэнтэзі. У далёкім пустынным свеце, сярод пясчаных выдмаў і вострых скал стаіць старажытная Чорная статуя. Мясцовыя жыхары даўно забыліся, хто яе ўзвёў, рэдкія падарожнікі абыходзяць зачараванае месца бокам. Бо кажуць, што па начах статуя сыходзіць са свайго месца і шукае нешта ў акрузе. Ці гэта толькі страшныя казкі? А яшчэ статуя — дакладная копія маленькай статуэткі, якую Вяснушка і Кот прывезлі з астраўка ў бурным моры Вэле. Можа гэта проста супадзенне ці ёсць нейкая сувязь? Да таго ж гномы ўстроілі шахту непадалёк ад статуі, і зараз прыйдзецца ратаваць аднаго з іх. Карацей, спраў у прыдворнай чараўніцы Вяснушкі, як заўсёды, безліч.
Нашы юныя чытачы, гэтыя і іншыя кніжныя навінкі чакаюць вас у дзіцяча-юнацкім сектары Навагрудскай районнай бібліятэкі.