МОВА – НАША СПАДЧЫНА

/ 21 февраля, 2022

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца дзень роднай мовы, мэтай якога з’яўляецца абарона моўнай і культурнай разнастайнасці.

Матчына мова, родная мова. Менавіта так, шаноўна і ласкава, мы называем гэты бясцэнны духоўны набытак. Пра прыгажосць і багацце роднага слова, пра яго вялікае значэнне ў жыцці чалавека выказваліся такія вядомыя гістарычныя і культурныя дзеячы Беларусі, як Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч і інш. Вялікі ўклад ва ўсталяванне і развіццё беларускай літаратурнай мовы, ва ўзвышэнне яе грамадскай і эстэтычнай годнасці ўнеслі Янка Купала і Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Максім Багдановіч, Васіль Быкаў і Ўладзімір Караткевіч і многія іншыя пісьменнікі Беларусі.

Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах.

Любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. Сваёй унутранай культурай бацькі павінны паказваць прыклад сваім дзецям. А пачаць можна з кнігі Святланы Богуш “Гарлачык для гусі”.

Гэта сапраўдны слоўнік беларускай мовы, аднак словы ў ім тлумачацца не ў слоўнікавых артыкулах, а ў пацешных вершах і яркіх малюнках.

Галоўны герой кнігі буслік Буся правядзе вашых дзяцей па ўсіх літарах алфавіта, растлумачыць дзясяткі слоў і пакажа іх на малюнках. А лёгкія, ёмкія вершы-рыфмаванкі дапамогуць запомніць уплеценыя ў тэкст словы.

У гэтым і заключаецца асноўная мэта кнігі – спрыяць засваенню беларускіх слоў праз малюнак і тлумачэнне без пасрэдніцтва іншых моў. Апрача таго, выданне можа стаць добрым дапаможнікам пры вывучэнні літар. Кніга прыдасца як для дамашняга чытання, так і для працы на занятках роднай мовы.

Мы жывём у Беларусі. Гэта наша радзіма, радзіма нашых бацькоў, дзядулляў і бабуль. Яны тут нарадзіліся, жывуць і працуюць. Іх мы любім і паважаем, любім сваю родную старонку, свій горад, сваю вёску, усіх, хто побач. Мы жывём і хочам жыць у міры і згодзе, бо згода будуе, а нязгода руйнуе.. Удумаемся ў мудрасць гэтай каштоўнай беларускай прыказкі!

Абудзіць у дзіцяці цікавасць да беларускай мовы, магчыма дасціпна паказаць яе хараство і пявучасць, шматфарбнасць і дасканаласць, маецца магчымасць узяўшы ў рукі кнігу “Сонца грэе, колас спее”. Мастацкія творы, прадстаўленыя ў чытанцы, паэтычныя і празаічныя знвёмяць з нашай радзімай, з’явамі прыроды,порамі года птушкамі, раслінамі, жывёламі, прафесіямі, адзеннем, рэчамі і прадметамі побыту.

Дзіця падрастае, ідзе ў школу. На ўроках роднай мовы і літаратуры перад ім адкрываецца цудоўны свет беларускай пісьменнасці, яе адметнасць. Дзеці вучацца паважаць мову, любіць яе, шанаваць кнігу і друкаванае слова. Нягледзячы на актыўнае развіццё сучасных электронных носьбітаў інфармацыі, кніга, усё ж такі, не страчвае сваёй актуальнасці, дастойна вытрымлівае канкурэнцыю.

Дзіцячы аддзел Навагрудскай раённай бібліятэкі прапануе сваім чытачам кнігу Сустрэча з пісьменнікам, або як зрабіць урок чытання любімым – кніга, падобнай на якую ў Беларусі яшчэ не было. Яна нарадзілася з унікальнага праекта, што здзяйсняе на працягу некалькіх гадоў педагог, метадыст, выкладчык ВНУ Ірына Буторына. Разам са студэнтамі – будучымі настаўнікамі пачатковых класаў – яна праводзіць у школах урокі літаратурнага чытання, на якія запрашаюцца беларускія пісьменнікі. На пытанні, якія найчасцей задаюць на такіх сустрэчах дзеці, адказвалі ў сваіх эсэ сучасныя дзіцячыя пісьменнікі – Уладзімір Ліпскі, Уладзімір Ягоўдзік, Алена Васілевіч, Ніна Галіноўская, Наталля Бучынская, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Надзея Ясмінска – усяго дваццаць чатыры творцы! Атрымаліся цудоўныя аўтабіяграфічныя эсэ – падарожжы кожнага ў пару свайго маленства, сталення, супольная вандроўка з чытачом па дарогах жыцця.

У кнізе таксама ёсць хрэстаматыйны складальнік – мастацкія тэксты кожнага аўтара. Выданне аздоблена партрэтамі пісьменнікаў, іх аўтографамі, у афармленні выкарыстаны вокладкі асноўных кніг творцаў, а перайшоўшы па QR-коду, можна пазнаёміцца са спісам кніг для дзяцей кожнага аўтара і паглядзець відэафільмы пра дванаццаць пісьменнікаў.

Кніга адрасавана найперш педагогам і бібліятэкарам, але яна зацікавіць і шырокае кола чытачоў, бо складаецца з матэрыялу ўнікальнага, эксклюзіўнага і вельмі неабходнага. Выданне мае цудоўна распрацаваныя метадычныя парады, якія вылучае творчы падыход да справы і любоў да дзіцячай кнігі.

Аўтары гэтай кнігі спадзяюцца, што першае выданне «Сустрэчы з пісьменнікам…» стане і першым крокам да стварэння шэрага аналагічных кніг, бо беларуская дзіцячая літаратура вельмі багата на цудоўных пісьменнікаў і выдатныя творы.

Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Ёсць людзі, якія вельмі любяць, шануюць сваю родную мову, выступаюць у яе абарону. Любяць за тое, што яна прыгожая і мілагучная. За тое, што яна самая найлепшая за ўсе мовы ў свеце… І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Мы павінны берагчы нашу мову — нашу спадчыну.

Падзяліцца спасылкай:

Поделиться этой записью