“МАСТАК-ЧАРАДЗЕЙ”

/ 27 января, 2023

Адкуль бяруцца фарбы дня,
Таемнай ночы?
Хто ад відна і да відна
З палітрай крочыць?

Шчыруе пэндзалем вясной,
Як звар’яцелы,
Сядзіць узімку пад сасной –
Малюе белым.

Фантазій шмат у Мастака
І летуцення –
Кладзе чароўная рука
Святло і цені.

Малюнкаў столькі і ідэй –
Канца не будзе!
Малюе дзіўны Чарадзей –
Глядзіце, людзі!

                             Святлана Быкова

У незвычайнае падарожжа па сумеснай кнізе вершаў паэтэсы Святланы Быкавай і мастака Віктара Данілава – “Мастак-чарадзей” адправіліся юныя мастакі  Навагрудскай школы мастацтва.

У кнігу ўвайшлі вершы аб прыродзе: пра яе веснавы стан, хараство лета, пяшчотнасць восені і сцюдзёнасць зімы. І, вядома ж, паэтычныя фарбы вершаваных радкоў упрыгожыла акварэль вядомага беларускага мастака Віктара Данілава. Літаратурная паэтыка і ілюстрацыйны рад стварылі прыгожую па зместу і знешне кнігу.

Да мерапрыемства была падрыхтавана электронная прэзентацыя па ілюстрацыях Віктара Данілава (раздзел кнігі “Зімовыя замалёўкі”) з чытаннем вершаў Святланы Быкавай). Такім чынам юныя дараванні змаглі пагаварыць з ветрыкам, бярозкай і рабінкай, адчуць жыццёвую сілу, якая хаваецца зімой пад гурбамі снегу.

Свае веды пачынаючыя мастакі праявілі ў гульні “Палітра” і разгадванні чайнворда “Выяўленчае мастацтва”.

Падзяліцца спасылкай:

Поделиться этой записью